ВЫЛІЧА́ЛЬНЫ ЦЭНТР,

арганізацыя (установа, прадпрыемства або іх падраздзяленне), прызначаная для збору, захавання, апрацоўкі і выдачы інфармацыі, распрацоўкі і даследавання матэм. забеспячэння ЭВМ і інш. Адрозніваюць вылічальныя цэнтры як навук.-даследчыя ўстановы (НДВЦ), вылічальныя цэнтры калектыўнага карыстання (ВЦКК) і як падраздзяленні арг-цый (устаноў, н.-д. ін-таў, прадпрыемстваў ці іх аб’яднанняў, мін-ваў і ведамстваў).

Гал. задачы НДВЦ: распрацоўка алгарытмаў рашэння задач і сродкаў праграмнага забеспячэння іх рашэння, а таксама методык па арганізацыі выліч. работ і новых тэхналогій праграмавання; кансультацыі карыстальнікаў па метадах рашэння, праграмных сродках і інш. ВЦКК забяспечаны найб. магутнай вылічальнай тэхнікай, злучанай каналамі сувязі з карыстальнікамі; маюць вял. набор сродкаў праграмнага забеспячэння, машыннай графікі, размножвання матэрыялаў і дакументаў і інш. Вылічальныя цэнтры, што з’яўляюцца падраздзяленнямі ўстаноў, вядуць на ЭВМ апрацоўку неабходнай інфармацыі, алгарытмаў і Праграм (у т. л. для патрэб кіравання тэхнал. працэсамі; гл. Вылічальная сістэма).

На Беларусі вылічальныя цэнтры ствараюцца з 1959 у Ін-це матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН, БДУ, рэсп. Дзяржплане і Цэнтр. стат. упраўленні, НДІ сродкаў аўтаматызацыі, з-дах электронных выліч. машын, трактарным, аўтам. ліній і інш. Асн. тэматыкай была распрацоўка метадаў рашэння навук.-тэхн. задач механікі, фізікі, эканомікі, уліку і кіравання. Вылічальныя цэнтры сталі асновай аўтаматызаваных сістэм кіравання тэхнал. працэсамі, прадпрыемствамі, галінамі вытв-сці і нар. гаспадаркі, аўтаматызаваных сістэм праектавання і канструявання і інш. Вылічальны цэнтр забяспечваецца сеткавымі камп’ютэрнымі і інфарм. тэхналогіямі, доступам да міжнар. сетак ЭВМ і вылічальных і інфарм. рэсурсаў буйных навук.-тэхн. цэнтраў.

М.П.Савік.

т. 4, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)